(Пра пачаткі нацыяналістычнага руху ў 1902-1903 гг. Вытрымка з меркаванай рэцэнзіі на кнігу Латышонка-Мірановіча).
Узнікае пытанне – наколькі шчырымі былі дзеці вечных арандатараў, унукі паўстанцаў 1863 г., у сваёй гульні ў “хлапаманаў”? Наколькі сумленным і высакародным, насамрэч, быў прапанаваны імі шлях эмансіпацыі Мужыка? Бо нельга прадстаўляць справу такім чынам, нібыта ўсе астатнія палітычныя і цывілізацыйныя альтэрнатывы ў тагачасных беларускіх і літоўскіх губернях імкнуліся “не дапусціць эмансіпацыі”. Наадварот, і расійскі ўрад (асабліва пры Сталыпіне), і “Кола” (варта бліжэй пазнаёміцца з праграмамі Вайніловіча або Ялавецкага ў пытаннях уласнасці) неабходнасць эмансіпацыі і пашырэння сацыяльнай базы выдатна ўсведамлялі. (У адрозненне, напрыклад, ад сучасных маргіналаў, якія называюць сябе “арыстакратамі” або “манархістамі”). І вось тут рэцэнзенту падаецца ключавым слова “Грамада”, якое некалькі пакаленняў нацыяналістаў абралі сваім своеасаблівым “паролем”. Тут немагчыма пагадзіцца з пазіцыяй падляшскіх гісторыкаў. Па-першае, няпраўда што “абшчына” (аўтары, відаць, пазбягаюць называння Грамады па імені, разлічваючы на недастатковую эрудыцыю значнай часткі чытачоў у гэтым пытанні) занепадала раўнамерна па ўсёй Беларусі і што гэта усведамлялася бацькамі-заснавальнікамі беларускага нацыяналізма (с. 116). Уласна на Беларусі, г.зн. на Усходзе, традыцыі абшчыны-Грамады былі яшчэ дастаткова моцнымі, і ў кожным разе, незалежна ад ступені яе распаду, важны менавіта факт яе фіксацыі нацыяналістамі як своеасаблівага “спрадвечнага ідэялу” сацыяльнага ладу, як праекту будучага ідэяльнага ўладкавання нацыі-класу. Па-другое, устойлівасць менавіта Грамады як аднаго з базавых элементаў Нацыяналістычнага Міфу засведчана ўсёй наступнай гісторыяй гэтага руху і гэтага вербальнага сімвалу. Такім чынам, ад самога пачатку беларускі нацыяналізм імкнуўся да таталітарна-эгалітарысцкай мадэлі грамадства або, прынамсі, менавіта яе прапаноўваў у якасці ідэялу сваім шарагоўцам. А шлях да зразумелай такім чынам эмансіпацыі пралягаў праз знішчэнне падставовых інстытутаў хрысціянскай цывілізацыі – Сям’і, Уласнасці, Царквы, праз апісаныя яшчэ Баршчэўскім “Рабункі мужыкоў”.
Ці такі шлях эмансіпацыі сапраўды быў адзіным, або самым эфектыўным? Хіба таталітарна-эгалітарысцкая Грамада не была, у рэшце рэшт, метафарай адноўленага на яе базе Калгасу? І на што, насамрэч, рэакцыяй, была грамадоўская праграма нацыяналістаў – на часы прыгону, якія мінулі за 40 гадоў да з’яўлення нацыяналістычных маніфестаў і вельмі цьмяна ўяўляліся нацыянал-рамантычным студэнтам, “маладым ваўкам” свайго часу, ці, наадварот – рэакцыяй менавіта на паслярэформавыя часы? Ці не хітрылі ўнукі паўстанцаў 1863 г. са сваёй аўдыторыяй, прапануючы ёй у спакусліва-салодкіх аблатках новую версію ўсё таго самага прыгону, у якім шляхцюкі другога і трэцяга эшалонаў спадзяваліся заняць ключавыя ролі, элегантна пацясніўшы першы эшалон – Скірмунтаў, Вайніловічаў, Чапскіх? Верагодна, дзеля такога “джэк-поту” яны былі гатовыя ахвяраваць любымі іншымі, неістотнымі для іх, традыцыямі карпарацыі сваіх бацькоў і дзедаў, уключаючы, у першую чаргу, каталіцкую, і увогуле хрысціянскую рэлігію, якая для гэтых ніцшэанскіх атэістаў (а часам, як у выпадку Ластоўскага – адкрытых паганцаў) не была больш аніякім аўтарытэтам. Заходнерускія апаненты ўспрымалі новаспечаных беларускіх нацыяналістаў “католікамі” і бачылі ў іх праекце “каталіцкую інтрыгу” толькі праз метрычны факт іх хрышчэння ў Касцёле, здзейснены ў стане несвядомасці. Браты Луцкевічы, зрэшты, былі выхадцамі з лютэранскай сям’і, але прасунуліся па шляху атэізацыі ці не далей за іншых – хаця і не грэбавалі, у выпадку палітычнай патрэбы, чыста інструментальным выкарыстаннем рэлігіі – любой канфесіі.